Урокі жыццёвай мудрасці

29 апреля 2025, 22:25
Пражываючы дзень за днём, мы дасягаем новыя вышыні, робім памылкі і ў гэты час атрымліваем самыя важныя ўрокі - урокі жыццёвай мудрасці. На аснове атрыманых ведаў і вопыту кожны з нас робіць для сябе пэўныя высновы. Я ж хачу падзяліцца некалькімі, якія, я лічу, робяць маё жыццё прасцей і прыемней. Па-першае, жыццё навучыла мяне ніколі не адказваць злом на зло, агрэсіяй на агрэсію, дрэннымі словамі на дрэнныя. Я лічу, што ўвесь негатыў вернецца крыўдзіцелю бумерангам, а пляміць свой гонар і годнасць дзеля з'едлівага адказу не варта. На бытавым узроўні я, як і кожны чалавек, нярэдка трапляю ў канфлікты па той ці іншай прычыне. Бывае складана стрымаць негатыўныя эмоцыі, але я заўсёды памятаю пра тое, што рознагалоссі паміж людзьмі можна вырашыць толькі ў спакойнай абстаноўцы. Па-другое, не трэба баяцца рабіць памылкі. Як бы банальна гэта ні гучала, але, спатыкаючыся і падаючы, чалавек атрымлівае бясцэнны вопыт, які потым дапаможа яму пазбегнуць больш сур'ёзных памылак. Па-трэцяе, я ўвесь час шукаю спосаб пашырыць свой кругагляд. У маім жыцці было шмат сітуацый, дзе выпадкова атрыманыя веды і ўменні дапамаглі мне ў той ці іншай сферы жыцця. Таму я лічу, што не бывае бескарыснай інфармацыі. А чалавек, які цікавіцца рознымі тэмамі, чытае кнігі, пастаянна вучыцца нечаму новаму, для мяне - ідэал, да якога я імкнуся. Гэтыя простыя парады штодзённа дапамагаюць мне ў жыцці.

Пока нет комментариев. Авторизуйтесь, чтобы оставить свой отзыв первым!